Па сутнасці мемарандум слушны, але.
Вы пішаце:
Мы, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША
Гэта значыць што аўтары мемарандуму прадстаўляюць усю дыяспару ў ЗША? Ці толькі тыя аб’яднанні, якія адзначаныя напрыканцы? Калі так, то нельга казаць, што аўтары прадстаўляюць дыяспару цалкам. Варта казаць, што гэта прадстаўнікі пэўных аб’яднянняў.
Калі ўсё ж такі яны прадстаўляюць дыяспару, ці было абмеркаванне мемарандуму ў дыяспары? Як яно адбывалася? Як прымалі фінальны тэкст? Ці ўсё сябры дыяспары мелі магчымасць ведаць пра абмеркаванне? Колькі ўвогуле сяброў беларуская дыяспары ў ЗША? Ці аб’яднаныя яны ў нейкае таварыства?
Далей. Патрабаванні ў дакуменце нібыта слушныя, але.
1. Яны звернутыя да беларусаў у Беларусі, якія дэ-факта ніяк не могуць паўплываць на вырашэнне азначаных пытанняў.
2. Калі й нават і могуць, хто возьмецца распрацаваць інструменты вырашэння?
3. Якім чынам дыяспара, ад імя якой гучаць заклікі будзе ўдзельнічаць у рэалізацыі?
4. Калі ўсё атрымаецца, хто будзе бенефецыярамі?
5. Калі ўсё праваліцца, хто будзе несці рызыкі?
6. Якімі сродкамі гэта будзе забяспечана?
7. Ці ўся дыяспара (уі не ўся) падпісалася не толькі пад заклікамі, але й пад гарантыямі дапамогі ў выніку паразы?
Вы, толькі, калі ласка не крыўдуйце, калі што. Я задаю гэтыя пытанні, не дзеля таго, каб змарнаваць ваш час. Але дзеля таго, што яны сапраўды важныя, і калі мы зможам знайсці на іх добрыя адказы, гэта дапаможа выбудаваць устойлівыя працэсы. Якія, у сваю чаргу, наблізяць нас да нашай галоўнай мэты
- Jaroslav Likhachevskiy
Адказ далей ...
Наконт Мемарандума. Я згодная з тым, што лепей было б выкласці ў тую ж групу беларусаў ЗША арыгінальны тэкст, а не журналісцкую версію, якая спарадзіла шмат нападак, асабліва ў дачыненні загалоўка. Аўтары прадстаўляюць арганізацыі і так ці інакш у нейкім выглядзе прадстаўляюць дыяспару, але, вядома, не ЎСЮ. Пад дыяспарай звычайна разумеецца супольнасць людзей, якія пражываюць у замежжы, але захавалі шчыльныя стасункі з радзімай. Дык вось, толькі ў ЗША, паводле розных там падлікаў, да дыяспары можна аднесці амаль паўмільёна чалавек.
Абмеркаванні тэксту Мемарандума вяліся праз электронную пошту і па тэлефоне. Людзі, якія пад ім падпісаліся, падзяляюць тыя ідэі, што там выкладзеныя. Відавочна, што сярод дыяспары можна знайсці людзей з цалкам супрацьлеглымі поглядамі або абыякавых да сітуацыі. Таму ну ніяк немагчыма казаць, што гэта ад імя ЎСЁЙ дыяспары. З такім жа поспехам пэўныя дзеячы і дзяячкі робяць заявы нібыта ад імя ўсяго беларускага народа. Але зразумела, што гэта не адпавядае рэчаіснасці, таму і прэтэнзіі на тое, каб прэзентаваць праз гэта ўсю дыяспару і быць не магло.
Я не маю паняцця, колькі насамрэч арганізацый сярод беларусаў замежжа. Іх шмат, вельмі шмат. Аднак, больш-менш стабільную актыўнасць праяўляюць нямногія. І далей: 1). Беларусы ў Беларусі шмат у чым могуць паўплываць на сітуацыю. Яны не такія ўжо бездапаможныя, як робяцца спробы гэта прадставіць. Так, у людзей няма зброі (апрача ваенных і паляўнічых), але ж ёсць шэраг іншых сродкаў барацьбы, адзін з якіх - проста ўхіленне ад удзелу ў незаконных дзеяннях (тых жа выбарах, напрыклад. Або дэзерцірства ў арміі, каб пазбегнуць непасрэдных забойстваў украінцаў або сваіх жа беларусаў, якія ваююць на баку Ўкраіны). Шмат ёсць формаў супраціву і досыць рознага характару. Гэта прыкладна, як падчас вайны заклікаць грамадзян даваць адпор ворагу. Не бачу тут супярэчнасці. Хіба ў вайну трэба сядзець і чакаць, покуль цябе прыйдуць гвалціць і забіваць?
- Ірына Хадарэнка
Працяг далей
2). Інструменты вырашэння прапаноўваліся рознымі структурамі. У тым ліку, Беларускім Нацыянальным Сакратарыятам. Я таксама панапісвала прапановаў год таму. Пытанне ў тым, хто гатовы чуць і абмяркоўваць гэтыя прапановы? І калі няма з імі згоды, дык прапаноўваць нешта сваё ў адказ.
3). Дыяспара ў цэлым немаведама як можа ўдзельнічаць у рэалізацыі. Тут разумней казаць зноў-такі пра ўдзел пэўных прадстаўнікоў дыяспары. Бо былі, ёсць і будуць людзі, якія ніяк не зварухнуцца нават у выпадку ядзернай вайны, калі яна не закране іх непасрэдна.
4). Калі ўсё атрымаецца (што маецца на ўвазе пад "усім"? Вызваленне ад расійскай акупацыі?), тады бенефецыярамі будуць не толькі беларусы, але і суседзі - украінцы, літоўцы, палякі, якія часткова змогуць уздыхнуць з палёгкай, бо ступень расійскай пагрозы для іх будзе зменьшана таксама.
5). Калі ўсё праваліцца, мы можам з цягам часу перастаць існаваць як нацыя. Ператворымся ў адну са шматлікіх "невялікіх народнасцяў" Расіі. І гэта будзе катастрофа, бо маючы сваю дзяржаву, згубіць яе на карысць недаімперыі, проста недаравальна.
6). Сродкі вызвалення? Сродкі звычайна бываюць рознага кшталту: людскія, матэрыяльныя (і не толькі грашовыя), інфармацыйныя. Сродкаў патрэбна ой як шмат!
7). Дапамога землякам ажыццяўлялася прадстаўнікамі дыяспары яшчэ тады, калі мы не нарадзіліся. І яна будзе працягвацца ў любым выпадку, як тое было падчас Першай і Другой сусветнай, і будзе ў далейшым нават тады, калі нас ужо не будзе. Ніякія пісьмовыя гарантыі для гэтага не патрэбныя, па-мойму. Проста кожны дзейнічае ў межах таго арсеналу сродкаў, які маюцца ў наяўнасці. Або не дзейнічае, сядзіць і чакае цудаў звонку. Тут выбар за кожным і персанальная адказнасць.
- Ірына Хадарэнка
Facebook